epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

«Гарачыя кропкі»

«Гарачыя кропкі» —

на целе Зямлі,

Нібыта крывавыя язвы

на целе Сусвету,

На сэрцы ўсяго Чалавецтва...

І там, дзе «гарачыя кропкі» —

там кроў,

Там смерці разгулле,

Там дзень не адрозніць ад ночы,

І там зараджаюцца новыя кропкі...

А кропка ў славеснасці —

думцы канец,

А кропка —

і сказу ўсяго заканчэнне.

Ці будзе далей,

пасля кропкі працяг?

Ці будзе хоць слова?

А «кропак гарачых»

усіх не злічыць,

На нашай планеце не кропка —

шматкроп’е.

І родзіць шматкроп’е

далейшы працяг

І новай крыві,

І няшчасцяў,

І смерці.

 

*

«Гарачыя кропкі...»

Адкуль вы? Адкуль?

І хто вас стварае?

Халодныя сэрцы!

І душаў астылых

Халодны разлік —

Інтрыгі,

Палітыка,

Здрада,

Нажыва,

Міжнацыянальны сляпы недавер,

І міжрэлігійнае неразуменне,

Драпежнасць вялікіх дзяржаў

да малых —

У дужага кволы заўжды вінаваты.

А тое, што будуць ахвяры —

Луска!

Кіруюць славутыя

«націнтарэсы».

 

*

На важнай нарадзе

пытанне адно:

Ці варта «распальваць»

чарговую кропку

За тысячы вёрстаў

ад дому свайго?..

Усе Прэзідэнту глядзелі у рот,

А ён не вагаўся, сказаў сваё:

— Варта!

Там нафта!

Там процьма драгмету!

Там газ!

А вось дэмакратыі там не хапае!

Што скажуць эксперты? —

Устаў генерал:

— Па нашых падліках,

Мы страцім ад сілы

тры сотні салдат,

Ну максімум, пры ускладненні —

паўтышчы...

І зноў Прэзідэнту у рот паглядзеў.

— Прымальная лічба! —

сказаў Прэзідэнт,—

За нацыянальную

нашу бяспеку

І за дэмакратыю —

трэба плаціць!

Хто скажа яшчэ? —

Тут раптам вядомы

псіхолаг падняўся:

— Паўтысячы — шмат!

Ды і трыста — замнога!

Няхай можа лепей

загіне адзін.

Хаця і адзін чалавек —

цэлы свет,

Сусвет-індывідум,

сусвет — непаўторны...

Удзельнікі сходу раскрылі раты

І зноў павярнуліся ў бок Прэзідента.

А той у псіхолага ўперыў пагляд:

— Ты кажаш, адзін!..

— Так, спадар Прэзідэнт!

Адзін, калі ёсць

ваша згода на тое.

 

— Ці ёсць мая згода,

пытаешся ты?

Якія быць могуць пытанні!

Я згодзен!

Адзін чалавек — гэта дробязь!

Нішто!

Нішто ў параўнанні

з намечанай мэтай!

Адзін чалавек у вялікай гульні —

У полымі іскра,

яе не заўважыш.

За нацыю скласці сваю галаву,

Упэўнены, кожны

за гонар палічыць.

Я згодзен!

Працягвай!

Выкладвай свой план! —

Цяпер ужо ўсе

павярнуліся ўраз

Не ў бок генералаў —

прызнаных стратэгаў,

А да чалавека,

які абяцаў

Дзівосна пазбегнуць

шматлікіх ахвяраў.

Псіхолаг углыбіўся ў думкі свае —

Навокал напружанасць і хваляванне.

У поглядзе кожным крычала адно:

— Ну што ты прыдумаў?

Выкладвай!

Хутчэй!

Ён выдыхнуў ціха:

— Спадар Прэзідэнт...

Загінуць там трыста,

Пяцьсот,

Нават болей.

Загіне там трыста сусветаў,

Пяцьсот,

А з імі і шмат

ненароджаных дзетак,

Загінуць там мары,

Надзеі,

Каханне,

І знікне...

— Пастой! — ускіпеў Прэзідэнт,—

Спыні сваю лекцыю,

тут не студэнты!

Ты нам абяцаў,

што загіне адзін,

Дык дзе той адзін?

Як адным абысціся?

— Што ж, згодзен, спадар Прэзідэнт,

абяцаў,

Няхай сабе будзе адзін —

ваша воля...

Ўявіце сабе, што загінуў адзін —

Ваш сын, ваша спадчына,

ваша крывінка.

Вы згодны, спадар Прэзідэнт,

што адзін —

Нішто, бо адзін той —

чужы, невядомы,

Зусім незнаёмы —

чужое дзіця,

«Нішто» — і для вас,

і для многіх прысутных.

І трыста — «нішто»,

і паўтысячы — нуль,

Таму, што між нейчых

забітых сыноў

Не будзе, упэўнены,

вашага сына...—

І зноў цішыня агарнула пакой,

І болей ніхто цішыню не парушыў.

Выходзілі з залы нарадцы цішком

І толькі адзін, як абмёр —

не крануўся.

І доўга сядзеў за сталом Прэзідэнт

І думкі пранізвалі сэрца балюча.

 

*

«Гарачая кропка» — малая вайна,

Малая вайна — ды вялізнае гора,

І безліч ахвяраў,

І безліч сірот,

І новыя «кропкі» —

За кожнай — злачынства,

За кожнай нязменна —

пакуты, бяда,

Інтрыгі,

Палітыка,

Здрада,

Нажыва...

Калі ўжо на гэты

ганебны працяг

Пастаўлена будзе сапраўдная

КРОПКА?

2010


2010

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.