epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Гарэм султана

Савоська

Быў да баб чужых ахвочы —

Няпроста

Гэту слабасць абмінуць.

Ён здольны быў

Налева й сярод ночы,

Ад жонкі

І з-пад коўдры слізгануць.

 

Была яшчэ спакуса

У Савося —

І жонцы беднай

З ім хоць не жыві:

Ён піў,

Пакуль лілося і пілося,

Ў ім больш было гарэлкі,

Чым крыві.

 

Калі ён напіваўся

Пад завязку,

Куляючы, як кажуць,

Сто па сто,

Не пазнаваў і жонку ён,

Параску,

Пытаючыся:

— Ну а ты тут хто?

 

І вось аднойчы,

На пытанне гэта,

Калі Савось

Ажно валіўся з ног,

Сказала

Раззлаваная кабета:

— Пытаешся ты, хто я?

Я — твой Бог!

 

Савось у глюках

Узмаліўся сп’яну:

— Дапамажы мне, Бог!

Прашу, твой раб,

Хачу патрапіць

У гарэм Султана,

Там столькі, кажуць,

Ёсць чароўных баб.

 

Эх, пашарсціў бы тых

Бабцоў шыкоўных,

Уцёр бы й нос

Султану я таму...

Параска засмяялася:

— Цудоўна!

І быць табе там

Еўнухам галоўным —

Пайду толькі на кухню,

Нож вазьму.

 

Савось, як штык,

Працверазеў імгненна,

Сеў на пасцель,

Прамармытаў пад нос:

— Такі ўжо раптам сон

Прысніўся дрэнны,

Успомніць страшна...

Па спіне мароз...

 

Затым устаў,

Памацаў адно месца.

— Хух, адлягло...

Усё пры мне спаўна...

Дык вось, Параска,

Адгула фіеста,

Ні баб болей не будзе,

Ні віна.

 

Усе свае грахі

Хачу адвадзіць,

На першым месцы

Ўсё-такі сям’я.

Баюся,

Што мой сон калісьці спраўдзіць,

Лепш будзем жыць з табою —

Ты і я.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.