epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Гарманічны рух

Сучаснасць наша —

хуткасці размах,

Машын —

Як птушак ўзрушаных чароды.

А колісь...

Тут Даўгінаўскі быў шлях

Й гуськом павольна

рухалі падводы.

 

Падводы!

Коні! Захапляла дух!

У Мінск —

Падвод ланцуг,

Адтуль — сустрэчны.

Колькі ў сабе

павольны гэты рух

Захоўваў

Натуральнасці адвечнай.

 

Падводаў рып,

Гаворка,

Птушак спеў,

Адно адному

не перашкаджалі,

Бо хто што ў словах

ці у думках меў

Усё жыццём

прымалася на шалі.

 

Той рух падвод

я ў памяці люблю,

Яго гармонію з жыццём

І часам.

Прагрэс тэхнічны сёння —

І зямлю,

І нас усіх

трымае пад абцасам.

 

І мы імчым

і міма нас імчаць,

Сучаснасць хрысціць нас

нервовай дзягай.

А рэчку, лес, стрынатак, сенажаць,

Сучаснасць не дае нам заўважаць —

І бок жыцця галоўны —

Пазаўвагай.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.