epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Гармонія жыцця

Юнацкая пара палоскаю зары

Чароўны дзень жыцця распачынае.

Наперадзе гады, як дні ў календары,

Спрасованы — жыццё іх разлістае.

 

Дарога без канца — ідзеш, а далягляд

Міражыць, вабіць абысці планету.

З усіх бакоў вясна, цвіце, буяе сад —

Адрозніць восень цвет ад пустацвету.

 

І мой ручай душы крынічнасцю бруіць,

Імкнецца ў белы свет незамутнёна.

Гармонія жыцця — жывое прагне жыць

І марыць, і глядзіць на ўсё ўлюбёна.

 

Гармонія жыцця, юнацтва чысціню,

Святло і цень былое спалучае.

Я гэта ўсё прайшоў, я гэта сёння сню,

Ды позна зразумеў — за што сябе й віню:

Прыстаўка «дыз» гармонію знішчае.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.