epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Гасцінец

Калісьці прывозілі з Мінску дзіцяткам

То стос абаранкаў, то булкі-стрынаткі.

Дамоў без гасцінцаў не ехаў ніводны,

Зусім не таму, што быў хтосьці галодны:

Гасцінец — увага, праява пашаны,

Гасцінец дарослым і дзецям жаданы.

Таму, калі дзед апынуўся ў сталіцы,

Дзе ў крамах ад рознага пухнуць паліцы,

Дзядок разгубіўся, прысеўшы на клунак.

— Які ж мне для бабкі купіць падарунак?

Прыдбаць абаранку? Дык зубы ж згубіла!

А можа, ўзяць штроксы? Няхай іх магіла!

Заморскім штанам да кальсонаў далёка,

Іх годнасць уся — што рубцамі да вока.

А можа, вунь тампіксы нейкія раяць?

А з чым жа ядуць іх? А як ужываюць?..

Хадзіў дзед, туляўся ад крамы да крамы,

Гасцінец шукаў найпатрэбнейшы самы.

І чуе раптоўна з суседняга «шопа»:

— Заходзьце! Амерыка тут і Еўропа!

Хутчэй паспрабуйце прысмакі замежжа!

Сапраўдныя фірмы! Сапраўдная ежа!

Дзядок схамянуўся, аж хруснулі косці:

— Куплю для старой еўрапейскае штосьці!

Дачушка, скажы, што на ўвазе ты мела?

Чаго б мне купіць, што старая не ела?

Бо нас ужо верне ад бульбы і сала.

За што ўжо жыццё гэтак нас пакарала? —

Дзяўчынка ў адказ усміхнулася міла

І дзіўнае нешта з прылаўка схапіла.

Як мячык паўкруглы і рудавалосы.

— Вось, дзед, што ядуць ва ўсім свеце — какосы!

— Какосы? Такога не чуў я. Цікава!

Вось гэта дык дзіва — заморская страва!

— А там усярэдзіне,— дзеўка ўхваляе,—

Пабоўтаце, вось: малако ў ім «гуляе»!

Дастала да сэрца дзявочае слова,

Успомніў стары, што зарвала карова.

І ён, пасля шчырых і цёплых падзякаў,

Да жонкі вярнуўся з заморскім прысмакам.

З парога гукнуў: — Сустракай, гаспадыня!

Зірні, што купіў я, падзяка дзяўчыне!

Зацірку вары — з малаком я прыехаў!

І як мы жылі без заморскіх арэхаў?!

Вазьмі, паспрабуй каля вуха патрэсці.—

Старая патрэсла...

— А як яго есці?

— Як есці? Як людзі ядуць усе — ротам!

Ты, жонка, ў мяне, на здзіўленне — бот ботам!

Глядзі! — і дзядок угрызнуў адным зубам.—

Ого!.. Гэты чорт параўнаецца з дубам!

Нічога! Няхай яго нож казытае!

Націснуў на нож ён — і... Матка святая!

Аж хруснуў той нож, дзед абломкі адкінуў...

Ускочыла баба: — Бадай ты з ім згінуў!

Якая была ў гэтай скуле патрэба?

Дурны ты, стары, нібы сала без хлеба!

Купіў нейкі камень руды, валасаты...

Нясі яго хутка з вачэй маіх, з хаты!

— Замоўкні, старая! Не будзь гэткай шэрай!

Я зараз гасцінец прылашчу сякерай.

Ты толькі трымай, каб убок не крутнуўся...

І трэсь абухом! Ды, відаць, прамахнуўся,

Бо баба падскочыла ледзь не да столі,

Крычыць, нібы ў рану насыпалі солі:

— Ой, палец мой бедны! Ой, лёс мой гаротны!

Во дурань стары! Во гніляк ты балотны! —

Дзядок разгубіўся, адкінуў сякеру.

— І што я купіў за такую халеру?

Няхай яны гарам гараць, тыя «шопы»!

Жылі ж без Амерыкі мы, без Еўропы.

Цяпер праз замежжа я гора гарую:

Купіў вось... і ледзь не скалечыў старую.

Ды лепей галодны хадзіць буду, босы,

Чым есці такое стварэнне — какосы!..

Дзед бабу абняў: — Кінь скуголіць, старая!

Ад збітага пальца ніхто не ўмірае.

Звары ты мне бульбы, падсмаж ты мне сала,

Бо гэта і смачна, і вельмі трывала...


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.