epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Гаспадар у сваёй хаце

Не жадаю быць малодшым братам

Ані ў Бога, ані пад прымусам!

Застануся, хоць і небагатым,

Вольным, незалежным беларусам.

 

Я — часцінка сонечных абшараў,

Я — крывінка Беларусі-маці.

Не хачу, каб хтосьці гаспадарыў

У маёй, хай невялікай, хаце.

 

Каб усе перастаўляу нанова

Пад маім, маім уласным дахам.

Я хачу, каб Бацькаўшчыны мова

Узнялася над Радзімай птахам.

 

Каб штогод мацнелі яе крылы,

Каб адчуў душой і сэрцам кожны,

Колькі ў нашай роднай мове сілы,

Непаўторнай і непераможнай.

 

Я не зломак — ногі ёсць і рукі,

Сэрца здольна і любіць, і марыць.

Хопіць мне й бацькоўскае навукі

На сваёй зямельцы гаспадарыць.

 

I нашчадкі будуць сваю маці —

Беларусь — любіць самааддана...

А суседзям, у суседняй хаце,

Ад мяне — павага і пашана.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.