epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Гэта — нe памінкі

...да майго выхаду з Саюза

беларускіх пісьменнікаў.

He прыняла мяне воўчая зграя,

Душы ашчэрылі, нос угару —

Воўчая зграя, дзе кожны зжырае

Сябра па пляшцы, калег па пяру.

 

Словаахвотлівасць пра адраджэнне

Лёгка за пасак запхне салаўя,

А за душой — «я» ды «я», як каменне,

Лозунгі — ветразь для вашага «я».

 

Воз ані з месца, чаму тут дзівіцца,

Рознагалосіца — гвалт, а не хор.

Вам бы спачатку самім адрадзіцца,

Вылечыць самаўлюбёнасці хвор.

 

Шчыра сябе закрануць за жывое

Здолее толькі сумленнем жывы.

Гляньце ў люстэрка — яно не крывое,

Гэта такія сапраўдныя вы.

 

Вось і «здавалі акоп за акопам»,

Дбалі пра ўласнае праз не магу.

Да ўзнагародаў — імчалі галопам,

Да адраджэння — нага за нагу.

 

He, я па вас не спраўляю памінкі,

Перахварэеце, хворасць міне.

Ёсць сярод вас, але толькі адзінкі,

Хто зрэагуе без паўзы-замінкі:

— Гэта напісана не пра мяне...


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.