epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Гідраметцэнтр паведамляе...

Баба Сцепаніда цыравала дзедаву кашулю і ўголас разважала:

— Адкуль гэткі холад наскочыў? Яшчэ ж толькі пачатак кастрычніка, а ўчора снег залятаў... Не падабаецца мне гэта...

Дзед Яўхім супакоіў жонку:

— Не хвалюйся, будзе яшчэ цёпла, будзе... Вунь, дрэвы лісця не скінулі і сабака качаўся па зямлі, а гэта — на цяпло.

— А як не будзе цёпла? — не сунімалася старая.— А як маразы жарнуць?

— Ну няхай сабе жарнуць! — спакойна пасля чарговай зацяжкі адказаў дзед.

Сцепаніда адклала ўбок сваю работу і не на жарт занепакоілася:

— Як гэта, няхай жарнуць?! А часнок?.. Мы ж яшчэ не паторкалі ў зямлю зімавы часнок!

Дзед стаяў на сваім:

— Рана яшчэ часнок садзіць! Жыццё дажываем, а ў гэткую пару ніколі не садзілі яго.

— Яно-то так... але, для надзейнасці, уключы тэлевізар, паслухаем прагноз надвор’я.— І старая зноў узялася за цыраванне.

Дзед зірнуў на гадзіннік і хуценька паклыпаў да тэлевізара.

І сапраўды, дыктар з экрана абвясціў, што пасля рэкламнай паўзы будзе паведамленне Гідраметцэнтра.

Баба чарговы раз прыпыніла свой занятак і, каб лепей чуць, выткнула з-пад хусткі вуха. Дзед таксама падсунуў бліжэй да тэлевізара табурэтку.

Нарэшце пасля рэкламных пракладак і «блендамедаў» пачулася жаданае:

«Слухайце паведамленне Гідраметцэнтра: у наступныя двое сутак надвор’е ў нашай рэспубліцы будзе вызначаць цыклон, які рухаецца са Скандынавіі, з цэнтрам над Балтыкай. Пры сустрэчы двух атмасферных франтоў, халоднага і цёплага паветра, поўнач Еўропы і поўдзень Азіі закране перыферыйная цыкланічная дэпрэсія, аднак пад націскам антыцыклона, які набліжаецца з боку Атлантыкі, з цэнтрам над Грэцыяй, цыклон, з дыстрафічнымі наступствамі і павышаным атмасферным ціскам, што небяспечна для сталых людзей, а таксама астматыкаў і гіпертонікаў, паступова пакіне зону няўстойлівага супрацьстаяння і перамесціцца ў накірунку першапачатковага знаходжання, адкуль будзе ўплываць на далейшае надвор’е Блізкага Усходу і сумежнага з Беларуссю Захаду. Атмасферны ціск будзе на працягу двух дзён то павышацца, то паніжацца, аднак не пакіне межаў ртутнага слупка, што паспрыяе Казярогам, Блізнятам і Стральцам.

Каб атрымаць больш дакладную інфармацыю аб надвор’і, звяртайцеся да нашага сайта: тры даблю, кропка, ру, працяжнік і тры коскі...

А зараз зноў рэкламная паўза...»

Старыя разгублена пераглянуліся.

— Ты што-небудзь зразумеў? — спыталася старая.

Дзед збянтэжыўся:

— Не з нашай адукацыяй слухаць разумныя перадачы!

— А што ўсё ж рабіць з часнаком? — яшчэ больш разгубілася баба.

— Што ты да мяне прычапілася? — раззлаваўся дзед Яўхім.

— А да каго мне чапляцца? — не стрымалася баба.

— Чула? Звяртайся да нейкага Сайта! — рашуча адрэзаў дзед і выключыў тэлевізар.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.