epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Ген

Раздвоенасць душы жыве ўва мне,

Бязгрэшнік і спакуснік падкалодны.

Я з даўніны прыйшоў, я ў даўніне,

Я і сучасны, я і старамодны.

 

Ва ўсе часы жыве час перамен,

Для свайго часу ён заўсёды новы.

Ўва мне ж не спіць часоў мінулых ген.

Напомніць пра сябе заўжды гатовы.

 

Які б я не прымерваў капялюш,

Які б я гальштук не чапляў на шыю,

Я чую покліч тых сялянскіх душ,

Жылі стагоддзі да мяне якія.

 

І пакідаю я сталічны тлум,

І астаўляю свецкую тусоўку,

І ў вёсцы скіну модны свой касцюм,

Абую боты, апрану ватоўку.

 

І так мне лёгка, так прыемна мне

На ганак выйсці ранкам сінявокім.

І ген душу кране пяшчотна мне,

І нагадае пра мае вытокі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.