epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Гімн

Складаў я свайго лёсу гімн

Штодзённай працай-нотай,

А час праз шчылінкі хвілін

Сачыў за мной употай.

 

Я і не ведаў пра падгляд,

Стараўся гонар несці,

Каб голым месцам,

Там, дзе зад,

У крапіву не сесці.

 

О гэты гімн, як цёмны лес,

Складанейшая справа.

То слава ў ім КПСС,

То дэмакратам слава.

 

А я — нібыта ні пры чым

У валтузні жыццёвай.

Мой лёс — не бацька, а айчым,

Так хрысціць — будзь здаровы!

 

І як мне не прыпомніць «маць»?

Жыццё — вось гэта нумар!

Не буду болей гімн складаць,

Лепш перайду на гумар.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.