epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Гімн аб’яднаных нацый

Эх, дасягнуць бы

Піку творчай працы,

Не пахне дзе

Эгаістычным культам!

Стварыць бы мне

Гімн аб’яднаных нацый

І потым стаць

За дырыжорскім пультам.

 

Перада мною —

Шар зямны наш, зала,

І поўны гледачоў —

Ўсё чалавецтва.

І вось пачатак —

Музыка зайграла,

І пачалі знікаць,

Як раны, бедствы.

 

І пачала душа з душой —

О Божа! —

Нягледзячы

На расу,

Веру,

Сытасць,

Яднацца —

І сышла ў нябыт варожасць,

І атуляла усіх —

Спагада, літасць.

 

А я, галоўны аб’яднання аўтар,

Аркестрам дзіўным

На ўвесь свет кірую.

Хоць я зусім не профі,

А аматар,

Я з чалавецтва шчырасцю

Шчырую.

 

О, колькі ў гімне

Розных варыяцый!

О колькі нашых душ

Дагэтуль спала!

І мілагучнасць

Аб’яднаных нацый,

Разрозненых усіх нас,

Аб’яднала.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.