epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Гімн жыцця

Усё жыццё пісаў я гімн жыцця

І спадзяваўся — Бог мяне пачуе.

А лепшы твор — любімае дзіця,

Святло, узнёсласць, вечнасць скандэнсуе.

 

І спраўдзілася — сонечна было,

Душа лунала ў марах і натхненні.

Ды ісціна у тым: дзе ёсць святло,

Там непазбежна побач будуць цені.

 

І плынь пачуццяў ахалоджваў лёд,

І вера ў цуд не вельмі ратавала.

Таму святочнасць гімна з году ў год

Адценне рэквіему набывала.

 

Лягчэй агонь з ільдзіны выкрасаць,

Чым жыць адно — з усмешкай, без турботаў.

Не, гімн жыцця няпроста напісаць

Без падфарбоўкі, без фальшывых нотаў.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.