epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Гімнастыка для мазгоў

— Хто правёў сваё войска праз Альпы? — пачулася з канапы.

Міхась, не раздумваючы, адказаў жонцы:

— Македонскі.

Зося нервова тузанулася на канапе, ад чаго незадаволена зарыпелі пад ёй спружыны:

— Тут яго і блізка няма, твайго Македонскага.

— А ён ні тут, ні там не павінен быць,— усміхнуўся Міхась.— Ён жыў у іншым часе і ваяваў на другім канцы зямлі.

— Я маю на ўвазе, яго няма тут, у крыжаванцы,— удакладніла жонка, зноў крутнуўшыся на бедных спружынах.

— А хто там, у тваім рэбусе, ёсць? — у сваю чаргу ўдакладніў Міхась.

— Тут задаецца пытанне: «Хто правёў сваё войска праз Альпы?», а ніжэй стаяць тры прозвішчы: Кутузаў, Сувораў і Жукаў. Трэба з трох прозвішчаў выбраць адно... Дык хто з іх, як ты думаеш?

— Думаю, што Жукаў, прытым — на белым кані,— адказаў Міхась і загадкава зірнуў на жонку.

— Я ж і сама так думала, ды баялася сказаць.

— А якія адзнакі ў цябе былі па гісторыі ў школе? — спытаўся ён.

— Пры чым тут мая школьная гісторыя? — адбілася Зося.

— А пры тым, мая даражэнькая, што кожны першакласнік ведае пра знакаміты пераход Суворава праз Альпы.

— Мне здаецца, што ў школе мы гэтага не праходзілі,— спрабавала апраўдацца Зося.

— Думаю, што праходзілі, але ты прайшла міма гэтага ці яно прайшло міма тваіх вушэй,— іранічна зазначыў Міхась.

З канапы зноў пачулася:

— Хто першы з зямлян паляцеў у космас? Я прозвішчы пакуль агучваць не буду... Ну?

— Пушкін! — раззлаваўся Міхась і падышоў да жонкі: — Што за лухту, бязглуздзіцу ты чытаеш?

— Гэта не лухта, а «Гімнастыка для мазгоў», зборнічак красвордаў і ўсякіх розных загадак-разгадак.

— Для мазгоў? — здзівіўся Міхась.— Мяркуючы па пытаннях, якія ты прачытала, гэта гімнастыка для зусім, прабач, бязмозглых. І хто толькі складае і купляе такую пустату?

— Калі хочаш ведаць, чарга ля кіёска па гэта стаіць! — казырнула Зося.

Міхась зірнуў на жонку, быццам першы раз яе ўбачыў:

— А скажы, які, па-твойму, самы важны орган у чалавека?

— Мне трэба падумаць... Узважыць,— зачырванелася яна.

Міхась зноў уважліва зірнуў на жонку:

— Ведаеш! Сабраць бы ўсіх вас разам ды паслухаць, пра што вы гаманіць будзеце. Абрагатаўся б, пэўна...

— Каго гэта ўсіх нас?

— Ды вас, хто аб Альпы ды космас мазгі ламае. Ды яшчэ дазволіць вам правесці свой з’езд з парадкам дня: «Чорнае — гэта не белае!» — во дзе рушыла б чалавечая думка наперад!

— А я здагадалася, які самы важны орган у чалавека! — урачыста заявіла жонка, не звяртаючы ўвагі на мужавы колкасці.

— Ну і...?

— Сэрца! — з гонарам сказала Зося.

— Добра, што хоць сэрца назвала, а не язык,— скрывіўся Міхась.

— А што можа быць важней за сэрца? — успыхнула гаспадыня.

— Што важней? А вось табе прыклад: у аднаго чалавека сэрца здаровае, як у быка, а мазгі, як кажуць, на бок пахіліліся. У другога — сэрца хворае, затое галава разумная, светлая. З якім чалавекам лепш мець справу?

Зося моўчкі лыпала вачыма.

— Вось табе і гімнастыка для мазгоў,— падвёў вынік Міхась.

— Ну, памылілася я, дык што ўжо рабіць? — зачырванелася жонка.

— Што рабіць? А далёка хадзіць не трэба,— адказаў Міхась і паказаў на кніжную паліцу,— вось яна, сапраўдная гімнастыка для мазгоў.

— Калі ты такі разумны,— падскочыла жонка,— адгадай, у якім вуху звініць?

— У правым,— не раздумваючы, адказаў Міхась, бо ведаў, што жонка назаве другое вуха.

— А вось і не! У левым.

— А пры чым тут твае вушы? — здзівіўся ён.

— А пры тым, што, калі б ты адгадаў, я б цябе сёння карміла абедам, а так — абвяшчаю разгрузачны дзень для такіх разумнікаў, як ты.

— Ну ты і выдумала! — абурыўся Міхась.

— І не толькі выдумала, а буду кожны дзень гэта выдумляць, пакуль не адгадаеш. Зразумеў? Гэта будзе табе гімнастыка на кемлівасць.

Міхась усё сцяміў і замахаў рукамі:

— Лепей не трэба! Займайся ты сваімі загадкамі-разгадкамі, стой у чарзе ля кіёска, але гатуй абеды!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.