epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Гісторыя памылак

Псеўдаідэй — абмылак,

Ад абяцанак — цень.

Гісторыя памылак

Штовек,

Штогод,

Штодзень.

 

О, байкам мала веры,

І лозунгі — сіло.

І камунізм — хімера,

І мірны атам — зло.

 

Дзе сёння хціўцы тыя,

«Кармільцы»-крыкуны,

За кім — гады пустыя,

He горы залатыя,

А гора? Дзе яны?

 

Мы страх з надзеяй жэнім

Таму і ад таго,

Што лёс не пераменім,

Што жыць далей пад ценем

Чарнобыля свайго.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.