epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Гітара

Стаіць гітара

у куточку сумна,

Як сціплы сябар,

завітаўшы ў госці.

Мы з ёй,

Даволі весела і шумна,

З канца ў канец

прайшлі па маладосці.

 

Сярэдзіна дваццатага стагоддзя...

Квітнелі моладдзю

тады ўсе вёскі,

Сярод якой

Былі заўсёды ў модзе

Запальныя гармоніка галоскі.

 

І раптам я,

тады блазнюк вясковы,

Прыдбаў гітару,

быў з ёй неразлучны.

І гэты інструмент,

для вёскі новы,

Асвойваў —

І асвоіў самавучна.

 

Спяваў я і

для слухачоў сямейных,

Быў і ў вяскоўцаў

Запатрабаваны.

А ўжо ў канцэртах,

важных самадзейных,

З гітарай быў на сцэне —

цвік праграмы.

 

Ператварыў я

ў прыгажосць забаву,

Злавіць Жар-птушку

аказаўся здольны.

Тады прыдбаў

у межах вёскі славу,

Быў на слыху

і ў вёсках навакольных...

 

Агеньчыкі жыцця

смыляць між жару,

Дзесяцігоддзі мне

прынеслі стому,

Зацерушылі пылам і гітару,

І непатрэбны

Гітарыст нікому.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.