epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Глянуць бы хоць вокам

Праз сто гадоў, праз дзвесце год

(Эх, глянуць бы хоць вокам!)

Няўжо не выспее наш плод

На вашым санцапёку?

 

У нас — завеі, халады,

У нас — дажджы і чадзіць.

І бруду на нагах — пуды,

І на душу хтось гадзіць.

 

Ляцець бы нам, ды не нясуць

Надломлены крылы.

Без крылаў — волі не адчуць,

Без волі — змрок магілы.

 

Жыццё абрынула на нас

Гадоў сляпых удары.

Няўжо і вы праз доўгі час

Не разагналі хмары?


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.