epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Гмах

Я іду па зямлі... З часу мала карысці,

Ён гадзіну апошнюю хутка праб’е.

Ах, як цягне зямля да сябе, а калісьці

Не спыняўся, не чуў пад нагамі яе.

 

Мной пражытае, маларэальным міражыць,

Толькі болем рэальным тыраніць мяне.

Кажуць, час, як і думкі, нічога не важыць,

А гады — гэта ж час.

Што ж так долу ён гне?

 

Мы нясем гэты гмах — час жыцця чорна-белы,

Дажываем пад ім, не адзін толькі я.

Гэты гмах адчуваюць і душы, і целы,

Час, патрачаны марна, цяжэй удвая.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.