epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Год 2017

Год адыходзячы —

Хутчэй ідзі ты прэч,

Ты шмат прынёс трагічнага.

Даволі!

Матэрыяльны груз

мы скінем з плеч,

А вось душэўны боль з душы —

Ніколі.

 

Але, з календара

сыйшоўшы, ты

Усё ж пакінеш след,

трагедый поўны.

Згараюць у мінулае масты,

Яно ж штодня

крывавіць усё роўна.

 

Ды што такое

кожны год для нас?

Умоўны, як і ўсё,

адрэзак часу.

Ён кропля многіх кропель,

што праз час,

Няўмольна

Перапоўніць лёсу чашу.

 

Ён рупіцца...

Ці рупімся ўсё ж мы,

Каб спаленае,

аднавіць, загаціць,

Каб потым,

напярэдадні зімы,

Сябе, жыццё

ці год абвінаваціць.

 

Год адыходзячы...

Ты мне прабач,

Што адбылося —

ты не вінаваты

Жыццё ідзе —

хоць смейся ці хоць плач,

Былі і будуць з намі

святы й страты.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.