epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Горкая кропля

Што хавае слязінка

На шчацэ у матулі,

У старэнькай матулі,

Што сядзіць задуменна

Ля мяжы непазбеглай?..

Колькі ў кропельцы гэтай,

Што блукае ў маршчынах,

Недаспелага шчасця,

Пераспелага гора?

Колькі гэта слязінка

І адчаю ўвабрала,

І надзей безнадзейных,

І няздзейсненых мараў?..

О маленькая кропля,

Ты —

бясконцае мора!

 

*

Пакацілася кропля

Па шчацэ, як па лёсе,

Цэлы свет пакаціўся,

Што слязінка ўвабрала:

Пакаціліся мары,

Спадзяванні, пакуты,

Пераспелае гора,

Недаспелае шчасце...

He дай, Божа, сарвецца,

Гэты свет таямнічы

Разаб’ецца, загіне,

Неспасцігнуты намі!

Ды слязінку спыніла,

Затрымала маршчынка —

І маленькая кропля,

Як бязмежнае мора,

На маршчыне павісла,

He скацілася ў бездань...

Што ж — сляза і маршчынка

Нібы родныя сёстры,

І адна, і другая —

Дзеці горкай нядолі.

 

*

Шлях да першай маршчынкі

Кропля хутка праклала.

Гэты шлях быў кароткі,

Як усмешка маленства,

Як юнацтва світанак,

Што згарае імгненна...

Затрымалася кропля,

На маршчыне павісла —

Адзвінела дзяцінства,

Як капеж сакавіцкі,

Як ручаік апошні

Пасля талага снегу.

Адбруілася радасць

Залатога юнацтва

І на твар небасхілу

Наплываць сталі хмары.

Закрывалася сэрца

Іх бязлітасным ценем,

Адкрываліся вочы

На бязвыхаднасць лесу.

І ад паншчыны квапнай,

І ад едкага поту

Hі спіна, ні кашуля

He прасохлі ні разу...

Да канца далягляду,

Колькі бачыла вока,

Шлях жыццёвы цягнуўся —

Неабсяжная багна.

 

*

Неспакойна слязінцы,

У маршчыне няўтульна —

Здрыганулася кропля

І паціху, паціху

Падалася да новых

Перакрэсных маршчынак,

Каб асіліць, адолець

На шляху перашкоды...

Як падобна слязінка

На матуліну долю,

Што праз жорсткасці часу

Прадзіралася мужна...

Як я ведаю многа,

Як я ведаю мала

Пра напоўнены болем

Свет празрыстай слязінкі.

Тут, у кропельцы гэтай,

І калгаса прымусы,

І гвалтоўнасць улады,

І пакуты бяспраўя.

Тут, у кропельцы горкай,

У маленькай слязінцы —

Велізарнае гора

Сорак першага года,

І пакуты, і жахі

Аж да дня вызвалення.

Тут, у кропельцы сціплай,—

Пяць дзяцей пахаваных...

He дай, Божа, нікому

Перажыць сваіх дзетак...

 

*

Як я ведаю многа!..

Аддавала матуля

Ратавальны, апошні

Нам глыточак булёну,

Каб астатнія дзеці

Засталіся жывымі.

Хоць вайна і сканала,

Ды пакінула голад —

Ад яго анікому,

Анідзе не схавацца.

Як я ведаю мала!..

Я сачу за слязою,

Што па маміным твары

Ціха-ціха сцякае,

Як па маміным лёсе.

Колькі ў ёй, гэтай кроплі,

Неадзначаных святаў,

Недапетых мелодый,

Нерасцвіўшага смеху?!

Я сачу за слязою...

А слязінка раптоўна

Пакацілася хутка,

He ўтрымала цяжар свой

І сарвалася ў бездань,

Нібы зорачка з неба,

Як гарачая знічка...

 

*

Я ласкава спытаўся:

— Што ты, мама, прыціхла?

Быццам лёгкія крылы

Узнялі цябе ў неба

І панеслі далёка

Над нялёгкім мінулым

Да празрыстай крыніцы...

Што ты ўбачыла сэрцам

З вышыні успамінаў?

Мама цяжка ўздыхнула:

— Зазірнула я ў тое,

Што убачыць магчыма

Пасля доўгага веку

Ля апошняе рысы,

Што пяром не апішаш,

Хоць пяро залатое,

Што не выкажаш словам

Нават самым яскравым...

Я паціснуў з пяшчотай

Яе добрыя рукі,

Зазірнуў ёй у вочы:

— Многіх год табе, мама!..

 

*

Так, ад кропелек горкіх

Твае выцвілі вочы,

Слёз не бачыў ніхто —

Ні чужы, ні радня.

Ўпотай плакала днямі,

Ціха плакала ночы —

І было ад чаго

Да апошняга дня.

 

Аджылося табе

Значнай большасцю ў горы.

Не палепшыць былое —

Крычы не крычы.

Колькі слёз, каб сабраць?

Пэўна, рэкі і моры.

Колькі кропелек горкіх?

Як зорак ў начы.

 

Але чуўся і смех,

Як ад гора заслона.

Але й песні гучалі,

І святы былі.

Атуляла сям’ю ты

Пяшчотай штодзённа...

Сёння слёзы і смех твой —

У маці-зямлі.

 

Сэрцу сёння майму

Горка не без прычыны —

Я з табой сустракаюся

Толькі у сне.

Успаміны жыцця,

Слоў тваіх успаміны —

І ад горкае кроплі

Не пазбавіцца мне.

1990


1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.