epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Госці

І прыдумаў хтосьці

Запрашаць у госці.

Добра калі добра —

Не бяруць за «зёбры»,

Ўсё з’ядаюць «чосам»

І не круцяць носам.

Што ні дай — па густу,

Сала ці капусту,

Бульбу ці салату —

«Пахвалёна ў хату».

А бываюць госці —

Аж кіпяць ад злосці,

Што ні дай — нясмачна:

«Штось ікры нябачна».

Тхне ад поснай міны:

«Як без асятрыны?

Гэта што — аб’едкі?

Ну а дзе крэветкі?

Ананасы? Дыні?

Кан’які? Марціні?..»

Круцяць носам, рыюць,

Ды яшчэ й «абмыюць».

 

*

 

Зладзіць стол пашанна

Проста, не складана

Проста, на здзіўленне

Ладзіць не ўчашчэнне,

Не выстрэнчваць блюды,

Разнасолаў груды,

А рабіць па-свойску

Для сустрэч сяброўскіх

На любое свята —

Чым багата хата.

Й без сталоў шыкоўных

Шмат сустрэч духоўных.

 

*

 

Хтосьці ладзіць госці

Не для весялосці.

Там — душы ніколькі,

Выпендрыцца б толькі.

На сталы на тыя

Квапяцца крутыя

Іншая там «такса»,

Там кіруюць баксы

Там...

Не наша справа,

Нам там не цікава.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.