epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Грахі

Чаму наведвае нас грэх?

Ці мы яго наведваем?

Няўжо ён, быццам летам снег?

Ці — што ён будзе — ведаем?

 

Мы ў думках імем даражым,

На справе — грэшнасць тоіцца.

Грашым, шаноўныя!

Грашым!

Прабач, Святая Троіца.

 

Грашым памногу, пакрысе —

Не, не хачу я здзеквацца.

З гадамі — грэшныя мы ўсе,

Ды кіньце вы аднеквацца!

 

Псуюць нас у жыцці-віры

Учынкі нашы спешныя.

І толькі дзеці, да пары,

Анёльскія, бязгрэшныя.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.