epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Грозны... Бяскрыўдны Пярун

Жыве высока на небе тысячы,а, магчыма, і мільёны гадоў, вельмі сярдзіты, нават грозны Пярун. Колькі ён напалохаў за сваё доўгае жыццё людзей, асабліва дзяцей — не пералічыць.

Ёсць у яго, як ён лічыць, і свае дзеці — сын Гром і дачка Маланка, якую яшчэ завуць Бліскавіцай. Дзеці Перуна, як і ўсе дзеці, непаседлівыя, непаслухмяныя, нават свавольныя. Але Пярун па-бацькоўску ставіцца да свавольства дзяцей з паразуменнем, маўляў, падрастуць — паразумнеюць.

Любімым заняткам Грома заўсёды было бесклапотнае пагрукванне ў бязмежнай прасторы неба. Калі ён весела каціўся ад аднаго краю нябёсаў да другога, было такое ўражанне, што хтосьці перакочвае ў вялізнай бляшанай пасудзіне каменьчык. Але Грому асабліва ніхто не баяўся і гэта яму падабалася, у адрозненні ад яго бацькі Перуна, якому наадварот падабалася, калі людзі, пасля яго раптоўных грымотаў, ажно прысядалі ад страху. Гром, у большасці, быў побач са сваім бацькам, таму Перуну лёгка было ўплываць на паводзіны сына. Але шалянец Гром, заўважыўшы побач чорныя хмары. У якіх затойваўся яго бацька, весела каціўся на другі край неба туды, дзе менш чорных хмараў і больш блакіту.

Маланка ж была больш свавольная і непрадказальная. Яна ў імгненне вока выскоквала з хмараў і гэтак жа нечакана знікала.

Колькі разоў Пярун памыкаўся крыкнуць ёй, каб не прапорвала хмары, каб выпадкова не параніла свайго бацьку, які ў гэтых хмарах мог і прыдрамнуць, але не паспяваў нават рот раскрыць, як дачка знікала. Знікала і праз імгненне асляпляльна бліскала ў другім месцы. Нават спрытны Гром крычаў ёй: «Давай пагуляем разам!», але крык яго каціўся ў небе ўжо па слядах сястры.

І вось аднойчы, усе тры жыхары неба ўбачылі дзяўчынку, якой было гадоў дзесяць і маленькага хлопчыка. Яны бесклапотна ішлі па палявой дарозе, узяўшыся за рукі.

Грому было сумна аднаму, таму ён перакаціўся над галовамі дзяцей, запрашаючы іх у сваю кампанію. Але дзеці, як ішлі, так і працягвалі ісці далей — на Гром не звярнулі ніякай увагі.

— Ну і не трэба! — пакрыўдзіўся Гром і пакаціўся на другі край неба ў пошуках сяброў.

— Ах так! — закратаўся ў хмарах Пярун.— зараз вы паскачаце, як зайчаняты!

І ён з усяе сілы грымнуў: «Ба-бах! Дух-дух!»

Хлопчык ажно прысеў да зямлі і з жахам зірнуў на неба.

— Я баюся! — заплакаў ён.

Але дзяўчынка, на здзіўленне Перуна, супакоіла хлопчыка:

— Не бойся! Гэта ўсяго Пярун. Ён бяскрыўдны і нічога благога нам не зробіць. Пагрыміць, папужае і сціхне.

Раптам неба распаласавала вогненная Бліскавіца, высветліўшы абрысы чорных хмар.

— Вой, якая прыгажосць! — усклікнуў з захапленнем хлопчык.

Дзяўчына патлумачыла яму:

— А вось гэтай прыгажосці неабходна асцерагацца. Маланка, ці, як яе яшчэ завуць, Бліскавіца, шмат гора прыносіць на зямлю.

— Але ж яна бліснула бязгучна, а што ж тады так страшна грыміць над галавой? — пацікавіўся малец.

Дзяўчынка ўсміхнулася:

— А-а, гэта Гром і Пярун. Іх можна назваць голасам Маланкі альбо яе дзецьмі, бо Маланка нараджае гэта грукаценне. Не было б маланкі, не было б Грома і Перуна.

Гром у небе гэта пачуў і весела зарагатаў:

— Дык я, аказваецца, сын Маланкі! Яна мне зусім не сястра! Вось здорава! А ты,— звярнуўся ён да Перуна,— надзімаў шчокі і грукацеў на мяне за кожную дробязь! Ты — мой брат, і цяпер я цябе зусім не баюся! Бывай! — і Гром з вясёлым рогатам пакаціўся па небе.

Старэйшы брат,— незадаволена ўдакладніў Пярун, пасля чаго пакрыўджана ўхутаўся з галавой самай чорнай храмай.

А хлопчык на дарозе працягваў дапытвацца:

— А як жа ратавацца ад Бліскавіцы, калі яна такая небяспечная?

Дзяўчынка, відаць, старэйшая сястра хлопчыка, тлумачыць яму:

— Ад Маланкі не трэба ўцякаць. Калі пачнецца навальніца і ліне дождж, трэба на чыстым месцы, вось, як мы зараз у полі, спыніцца і стаяць, а яшчэ лепш, сесці на зямлю і не варушыцца. А галоўнае, не бегчы хавацца пад дрэва, бо Бліскавіца вельмі часта кіруе сваё вогненнае джала ў дрэвы.

Хлопчык весела зашчабятаў:

— Цяпер я не буду баяцца грымотаў! Не буду! Няхай грыміць над галавой, а мне не страшна!

Раптоўна бліснула Маланка, на якую дзеці амаль не звярнулі ўвагі, бо яна была бязгучная. Затое Пярун сабраў усю сваю злосць і грымнуў на ўсё неба. Хлопчык зноў баязліва прысеў, ды і дзяўчынка войкнула, насцярожана зірнуўшы на чорныя хмары.

— Ха-ха-ха! — рэхам пракаціўся па небе Пярун.— Не было яшчэ ніводнага чалавека, які б не здрыгануўся ад майго бяскрыўднага голасу!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.