epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Грыбнік-вынаходнік

Дапяклі Максіму грыбнікі, няма рады! Ён тут нарадзіўся, пражыў амаль усё жыццё, мае свае мясціны-сцяжыны, і — на табе: гойсаюць удоўж і ўпоперак па ягоных запаветных закутках дасціпныя гарадскія нахлебнікі-грыбнікі. А сёння грыбнік не той, што быў колісь: дальны-пешадральны, сёння грыбнік мабільны-аўтамабільны, ад яго нідзе няма спасу.

Здаецца, і ад горада далёка Максімава вёсачка, і гушчары тут непралазныя — грыбнікам гэта не перашкода. Прыжыўся ў ягоных лясах «пастаянны кантынгент», які атруціў Максіму жыццё настолькі, што ён пачаў шукаць нейкага паратунку, хоць якога выйсця з гэтай непрыемнасці. Але дзе яно, тое выйсце? Не ехаць жа жыць на новае месца з абжытай продкаўшчыны. Ды і куды ехаць, калі сёння гэтай грыбной навалачы развялося больш, чым тых грыбоў. І ўсё ж Бог даў чалавеку галаву, каб той у патрэбную часіну прыдумаў штосьці ратавальнае.

Купіў Максім сабе, цішком ад жонкі, партатыўны магнітафон, паехаў з ім у горад, а там — наўпрост у заапарк.

— Скажыце, залаценькая,— звярнуўся ён да супрацоўніцы заапарка,— ваш мядзведзь калі-небудзь падае голас ці ён толькі перакульваецца з нагі на нагу ды цукеркі выкленчвае ў наведвальнікаў?

— Па-першае, гэта не мядзведзь, а мядзведзіца,— тлумачыць Максіму супрацоўніца,— а па-другое, «залаценькі»,— яна зрабіла націск на гэтае слова,— яна, калі ёй прыспічыць па жаночай неабходнасці, так падае голас, што хоць вушы затыкай.

— А калі ёй прыспічыць? — страпянуўся Максім.

Работніца заапарка падазрона агледзела з галавы да ног цікаўніка:

— А навошта вам яе жаночыя пакуты? Вы ж, спадзяюся, не мядзведзь!

— Я?.. Ды не! — збянтэжыўся Максім.— Я, разумееце, жыццё дажываю, а ніразачку, акрамя жончынага, не чуў нічыйго рыку. Вось бы пачуць яе голас! — і Максім паказаў на мядзведзіцу.

Супрацоўніца ўсміхнулася:

— Не скажу, што гэта голас Пугачовай, але ўсё ж чуваць за тры кварталы.

— Вось! Вось! Мне такі голас і патрэбен! — узрадаваўся Максім.— Дык калі яна заспявае?

Работніца ўважліва паглядзела на звярыну:

— Думаю, што праз тыдзень...

Праз тыдзень узрушаны Максім прымчаўся ў горад і заняў месца ля самай клеткі з мядзведзіцай. І сапраўды тая не звяртала ўвагі ні на наведвальнікаў, ні на іх цукеркі — штосьці яе непакоіла, не давала стаяць на адным месцы. Паступова так званая жаночая неабходнасць узрушыла касматую нявольніцу настолькі, што Максім адсунуўся далей ад клеткі. Толькі ён гэта зрабіў, як звярына кінулася на жалезныя пруты, дзеручы іх сваімі магутнымі кіпцюрамі, пускаючы ў ход агромністыя клыкі, і, што самае галоўнае для Максіма, страшэнна зараўла. Ды так моцна і жудасна, што ўсе людзі кінуліся далей ад гэтага месца, затое ў Максіма радасна затрапятала сэрца:

— Раві! Раві, даражэнькая! Мацней! Страшней! — шаптаў Максім, падсоўваючы бліжэй да рыку свой новенькі магнітафон.

Дамоў вяртаўся Максім шчаслівейшым з усіх шчаслівых.

— Пазбіраеце вы цяпер мае грыбкі! Ой пазбіраеце! — трыумфаваў ён.— Так пазбіраеце, што не будзеце паспяваць мяняць штаны на бягу!

Наступным днём Максім вярнуўся з лесу з пустым кошыкам і сказаў жонцы, што нос у нос сутыкнуўся з агромністым мядзведзем, ад якога ледзь уцёк. Максім ведаў, што дастаткова сказаць пра гэта жонцы, а ўжо ўся вёска, ды і навакольныя жыхары будуць інфармаваны імгненна, бо бабскі язык страшнейшы за радыё.

Так і здарылася — чутка пра мядзведзя, які ганяецца за людзьмі, маланкай абляцела вёскі. Хто верыў, хто не, але зерне страху было кінута ў даверлівыя душы.

— Адкуль у нас мядзведзь?! — муцілі ваду скептыкі.— Калісьці было і такое звяр’ё, але ж калі гэта было!

Каб замацаваць заваяваныя пазіцыі, Максім праз некалькі дзён высачыў у лесе аднаго такога скептыка, схаваўся за елачкамі і націснуў на клавішу магнітафона, уключыўшы гук на ўсю моц. Максім ледзь стрымліваў рогат, назіраючы, як той небаяка кінуў кош і так папёр па лесе, што ажно голле трашчала, як ад націску буралому.

Пасля таго як гэты «сведка» тлумачыў і паказваў, якога ён бачыў, вышэйшага за хлеў, мядзведзя, Максіму паверылі ўсе вяскоўцы. Мала таго, раённая газета ўзяла ў яго інтэрв’ю і надрукавала на першай старонцы.

Максім у душы святкаваў перамогу, цішком хадзіў у лес, збіраў баравічкі, але перамога была не поўнай, бо гарадскія грыбнікі пра мядзведзя не чулі. Атрымлівалася, што галоўны канкурэнт спакойненька спажываў Максімаву, як ён лічыў, уласнасць. Праўда, Максім цяпер не абыходзіў сваіх грыбных сапернікаў, а, наадварот, быццам выпадкова сутыкаўся з імі і пытаўся:

— Вы чулі?! Мядзведзь тут завёўся, за людзьмі ганяецца... Аднаго з нашай вёскі нават моцна параніў...

— Ды кіньце вы! — махалі рукамі «мабільныя-аўтамабільныя».— Тут і зайцы перавяліся, не тое што мядзведзі.

Для доказу Максім паказваў раённую газету, але і гэтаму мала было веры. Тады Максім адыходзіў, ціхенька хаваўся ў гушчарыну і націскаў на запаветную клавішу. Эфект быў фантастычны! Ды іншым ён не мог і быць, бо страшэнны роў мядзведзіцы ў лесе ўспрымаўся ўсімі звышнатуральна. Паступова і гарадскія дасціпнікі пачалі радзей наведваць небяспечныя лясы, а хутка Максім зноў зрабіўся адзіным гаспадаром грыбных мясцін.

Аднавяскоўцы дзівіліся з ягонай адвагі:

— Ты, Максім, смелы то смелы, але хоць жонку пашкадуй, не рабі ўдавой без пары.

— Буду я баяцца нейкага там мядзведзя! Я ўжо на свеце пажыў, дзякуй Богу,— нядбайна адказваў ён.— А жонка, калі што, знойдзе сабе другога! — і працягваў хадзіць у лес.

Ішоў час, і сумна зрабілася «вынаходніку» — не было каго палохаць. Тады Максім уключаў магнітафон і пад гэтую «музыку» збіраў грыбы. Ён настолькі прызвычаіўся да мядзведжага рыку, што той лашчыў яму слых.

Аднаго дня рэжа Максім баравічкі, слухае роў сваёй магнітафоннай спадарожніцы ды сам штосьці напявае. Кошык паўнюткі, на душы спакойна — не жыццё, а казка! Сагнуўся ён над чарговым рудагаловікам, чуе праз роў сваёй супольніцы нейкі трэск у гушчары.

— Ого! Не ўсе смельчакі перавяліся! — прамармытаў «гаспадар лесу».— Нехта ломіцца проста на мяне... Глухі ён, ці што? Трэба дадаць гуку! — І Максім зрабіў гук на ўсю моц. Але траскатня набліжалася ды была такой, быццам напрамкі па гушчары трактар прадзіраўся.

— Што за чорт? — здзівіўся грыбнік-вынаходнік.

Не паспеў ён падзівіцца, як з гушчарыны, цяпер сапраўды нос у нос, вылез велізарны мядзведзь. Пачуў клышаногі кавалер «жаночыя пакуты» сваёй сяброўкі і паспяшаўся на сустрэчу. Максім зразумеў — яму каюк! У руцэ ножык, якім толькі мыш казытаць, у другой руцэ — кош з непатрэбнымі цяпер баравікамі.

«Бог пакараў! — мільганула думка.— Задзярэ гэты дурань мяне адной левай і прозвішча не спытаецца...»

Аднак паўза была не доўгай, бо сапраўдны гаспадар лесу рашуча накіраваўся да грыбніка. Максім кінуў кош і магнітафон на мох, а сам, быццам усё жыццё толькі гэта і рабіў, ускочыў на высачэзную елку, ды так высока, што вяршыня захісталася і гатова была зламацца. Недзе ўнізе раўла на магнітафоннай стужцы нявольніца, а ля магнітафона таптаўся збянтэжаны кавалер, які ніяк не мог зразумець, што тут да чаго.

Толькі цяпер Максіма прасвятліла: «Дык ён жа не звяртае на мяне ніякай увагі! Чхаць ён на мяне хацеў! Пакуль не выдыхнуліся батарэйкі — уніз!»

Максім, нягледзячы на свой немалады ўзрост, маланкай саслізнуў з яліны і, не азіраючыся, лупянуў дахаты. Недзе за спіной пакутаваў прызыўны голас беднай мядзведзіцы, ля якога таптаўся адарваны ад сваіх спраў мядзведзь, а Максім пераадольваў адлегласць да вёскі з хуткасцю, якой пазайздросціў бы спрынтэр сусветнага ўзроўню.

На ўсе жончыны роспыты Максім адказваў толькі адным ліхаманкавым пытаннем:

— Дзе мае другія штаны? Дзе штаны?!

Пазней, супакоіўшыся, Максім хацеў даць сапраўднае інтэрв’ю раёнцы, але там адказалі, што двойчы адну тэму не асвятляюць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.