epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Грыбныя снежкі

З давён-даўна пара грыбная

Нас вітае.

Нас зачароўвае, гукае,

Не адпускае.

 

Дзеля азарту, а не карысці

Ў лес імкнуцца.

Было ў лясах грыбоў калісьці —

Не размінуцца.

 

Мы з Кастусём, старэйшым братам,

Блазнюк-даўбешкі,

Чашчавікамі — іх багата,

Гулялі ў снежкі.

 

Нам «упрыгожвалі» адзенне

Нязмыўкі-плямы.

І не было канца здзіўленню

У нашай мамы.

 

Пытала мама ў нейкім спудзе:

— Што за гасцінцы?

Прыйшлі вы з лесу не, як людзі,—

Як далмацінцы.

 

Было нам весела і міла

Ўтвараць пацеху.

А мама плямы дзёрла з мылам,

Ёй не да смеху...

 

І праз гады пара грыбная

Прыходзіць святам,

Нібы маленства яшчэ гуляе

У «снежкі» з братам.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.