epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Гультай

У хаце — печ,

У лесе — дровы,

А пасярэдзіне — гультай.

Гультай настолькі адмысловы,

Што пешшу у Кітай гатовы,

А печ зімой — хоць прападай.

 

Печ-маці халадней ільдзіны,

Непаленая ў халады,

А вось гультай глытае кпіны,

Сінее, нібы пуп курыны,

Дрыжыць, а з хаты — нікуды.

 

«Дастаў» мяне гультай-ахлэмак,

Што ні зіма, то з ім — бяда.

Вазьму я дроўцаў абярэмак,

Хай грэецца чатырохсценак —

Не гультая, а печ шкада.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.