epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Гумар — рэч небяспечная

Савось адбіў ногі, шукаючы да свайго тэлевізара патрэбны блок з нейкімі мудрагелістымі транзістарамі ды дыёдамі. Што гэта за штуковіна, Савось не меў паняцця, але назву і марку неабходнай дэталі крамзануў яму на паперы вясковы дамарослы майстар, які абяцаў Савосю, пры наяўнасці гэтага блока, вярнуць тэлевізару і гук, і выяву на экране.

Савось ні да якай іншай тэхнікі, нават да трактара, не шукаў бы гэтак доўга і настойліва запчастку, але тэлевізар у вёсцы — найпершая жыццёвая патрэба.

Нарэшце добрыя людзі параілі:

— Дуй, браток, на базар! Там пры жаданні кулямёт купіш, не тое што запцацку да тэлескрынкі!

На базары ў Савося вочы разбегліся — тут было ўсё, праўда, акрамя кулямёта. Усё-то яно ўсё, а вось патрэбная рэч не траплялася. Хацеў расчараваны Савось пайсці да выхаду, але пачуў непадалёку выбух рогату. Рагаталі прадаўцы рознай дробязі, пэўна, «травячы» анекдоты.

У Савося было моташна на душы, ён даўно ўжо не смяяўся, таму сумна падумаў: «Няўжо людзі яшчэ могуць смяяцца?.. Падыду паслухаю краем вуха, з чаго гэта яны...»

Савось бачком падышоў да вясёлай кампаніі і ўбачыў, што адзін з рагатуноў гандлюе тэлевізійнымі запчасткамі. Наблізіўшыся да прылаўка, ён пачуў:

— Вось так, хлопцы, гумар — справа тонкая!

— І небяспечная! — не стрымаўся Савось.

Вясёлая кампанія здзіўлена зірнула на яго посную фізіяномію.

— Што? Ты хочаш сказаць, што гумар тоіць у сабе небяспеку? — спытаўся ў Савося гандляр.

Савось пакорпаўся ў кішэні і дастаў паперку з назвай неабходнага блока:

— Я нічога не хачу сказаць, мне б даведацца, ці не будзе ў вас вось гэткай запчасткі.

Прадавец узяў паперку, прачытаў і кажа:

— Ёсць такая запчастка! Каштуе яна дорага, амаль паўтэлевізара, але... Хлопцы, чуеце? — звярнуўся ён да суседзяў па прылаўку, з якімі хвіліну назад рагатаў.— Але калі гэты пакупнік з поснай фізіямордыяй зараз дакажа, што гумар — рэч небяспечная, я яму аддам вось гэту дэталь задарма! Ну, мужык, лаві птушку шчасця! — павярнуўся ён да Савося.

— Што тут лавіць? — сумна адказаў пытаннем на пытанне Савось.— Мая птушка шчасця, праз мой гумар, ад мяне — ф-ррр! — і паляцела. Пасля гэтага мне ад гумару моташна робіцца...

— Ты бліжэй да яснасці! — патрабуе прадавец.— Абстракцыянізмам нас не возмеш, давай канкрэтыку!

— Калі ласка, канкрэтыку,— сказаў Савось і закурыў, рыхтуючыся да доўгай гаворкі.— Дык вось, канкрэтыка: стаю я аднойчы ля сваёй хаты і гэтак, як з вамі, дымлю цыгарэтай. Перад тым як выйсці на двор, кульнуў я не слаба і, відаць, расчырванеўся, што тая спелая памідорына. Дакурыў цыгарэту і хацеў ісці ў хату ды, пакуль там няма жонкі, дапіць астатняе, аж бачу, клыпае дзед Даніла — пад’ялдычнік ды анекдотчык. Ага, думаю, зараз будзе каверзы свае накручваць вакол мяне. Але й мне падпітаму палец у рот не кладзі.

Дык вось, падыходзіць гэты стары шальмец і пытаецца:

— Што гэта ты, Савоська, расчырванеўся, як шворань у кузні?

Ну, думаю, дзед, трымайся!

— А я ж, дзед Даніла, толькі што з лазні. Напарыўся і першы выскачыў, бо дух сёння зверскі, а мужчыны яшчэ там хвошчуцца.

— Сёння мужчынская лазня?! — ажно падскочыў дзед.— А як гэта я праспаў?..

Дзеду Данілу было за восемдзесят, але парыльшчык ён быў першы ў вёсцы. Пасля таго як не стала яго жонкі, здавалася, уся зямная і незямная любоў дзеда была аддадзена лазні.

— Ну, Савоська, дзякуй! Век не забуду! — І дзед подбегам падаўся дамоў, схапіў там парыльныя прычындалы — і ў лазню.

— Гэтага ты, дзед, сапраўды век не забудзеш! — хмыкнуў я яму ўслед.

— Дзе тут трагедыя праз камедыю? — не вытрымаў прадавец.— Тут нават і не пахне гумарам.

— А гумар у тым,— тлумачыць Савось,— што лазня сапраўды была ў гэты дзень, але не мужчынская, а жаночая.

Ужо вечарэла, і дзед Даніла прыцемкам прыкалдыбаў на сваю любімую парыльную працэдуру. З заходам сонца ціскануў марозік, а з марозу праз адчыненыя дзверы разам з чалавекам у лазню ўвальваюцца такія клубы пары, што рук сваіх перад носам не бачыш, не тое што іншых парыльшчыкаў.

Вось дзед Даніла і ўваліўся разам з клубамі пары да баб, дзе, дарэчы, і мая жонка змывала нацельныя грахі.

Крэкча дзед, войкае, ды, як той сліж, завіхаецца з тазікам між баб. Ускочыў ён на самы высокі палок і камандуе:

— Паддай духу, мужычкі! Ледзь кратаецеся тут без мяне, як тыя бабы! Весялей, ядрона вош!..

Савось прыкурыў другую цыгарэту і зацягнуўся.

— А што было далей? — зацікавіліся гандляры.

— А далей,— горка ўздыхнуў Савось,— мая птушка шчасця пырхнула і пераляцела да дзеда Данілы. Вось вам і гумар. Зламаў гумар мой лёс, разбурыў сям’ю...

— Ды не можа быць такога! — ускочыў прадавец.— Табе ж на выгляд не болей за сорак гадоў, а жонцы тваёй, пэўна, яшчэ меней... Яна што, пайшла ад цябе да васьмідзесяцігадовага?

— Вось ужо тыдзень, як пайшла,— сумна пацвердзіў Савось.

— Ай ды дзед! — усклікнуў хтосьці з слухачоў.

— Ну,— пагадзіўся прадавец тэлезапчастак,— дэталь твая, браток! Сапраўды, гумар нарабіў бяды — не пазайздросціш!

Савось дастаў грошы:

— Не хачу я за сваё гора суцяшальнага прыза! Плаціць трэба за ўсё — і за гумар, і за запчасткі. Бывайце, хлопцы! — і Савось, разлічыўшыся, накіраваўся на аўтавакзал, а адтуль — дамоў.

Падышоў да сваёй хаты і здзівіўся — снег расчышчаны аж да ганку, на дзвярах няма замка. Шчаслівы Савось заскочыў у хату. Божа мілы! — яго жонка, прыбраная ды вясёлая, сустракае гаспадара:

— Заходзь, міленькі! Падсілкуйся з дарогі, але спачатку скажы: купіў запчастку да тэлевізара ці не?

Савось ускіпеў:

— Якога тэлевізара? Якую запчастку? Што, у старога Данілы тэлевізар сапсаваўся?

Жонка зарагатала:

— І ты паверыў, што я пайшла да дзеда Данілы? Гумар, даражэнькі, справа тонкая.

— Якая тонкая? — не сунімаўся Савось.— Дзе цябе чэрці насілі?

— А ты думаеш, што толькі ты адзін такі гумарыст? Закінуў нам у лазню старога чалавека і квітнееш на марозе!

— Дзе ты была цэлы тыдзень? У цябе пытаюся! — не адступаў Савось.— Я тут і свіней карміў, і карову даіў, і ў печы паліў... А ты? Ты ж сказала, што мяняеш мяне на Данілу.

— А я,— абняла яна мужа,— пайшла да сястры ў суседнюю вёску ды спакойненька дагледзела свой любімы тэлесерыял, а заадно і адпачыла ад працы, якой ты мяне заваліў па горла. Не пакінула б я цябе — і год стаяў бы зламаны тэлевізар, а так ты, бачу, і парадак трымаў у гаспадарцы, і ў горад злётаў... Дык купіў ці не?

— Купіў! — дастаў і паказаў жонцы неабходную дэталь Савось, затым схапіўся за галаву: — Ой, дурань! Навошта ж я купіў? Я ж мог гэта забраць задарма!... Але,— і Савось абняў жонку,— дзякуй Богу, што я заплаціў, бо за гэткі гумар трэба плаціць!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.