epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

І горка сэрцу

Жыццё — y нейкім новым цыкле,

І гэты цыкл — нібы сіло...

Няма лугоў, кудысьці зніклі

Нібы зусім іх не было.

 

З палёў жытнёвых больш карысці,

Вось хтось лугі і прыараў.

Затое басанож не выйсці

На росны луг, у квецень траў.

 

Прагрэс ад’еў усе вантробы

Ва усіх сялян, душой жывых.

А луг даўней — палёў аздоба

І царства кветак лугавых.

 

І не пачуць напеўных косаў —

Штось лепшыць, штось руйнуе час.

Лугі — адбітак нашых лёсаў,

Урбанізіраваных нас.

 

Няпроста збавіцца ад звычак

Прыдбаных на сваім вяку.

І горка сэрцу, як ад дзічак

Бывае горка языку.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.