epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

І што?

Рэчка творчасці днямі й начамі

Па напружаным лёсе цячэ.

Колькі творчых сустрэч з чытачамі

Адбылося і будуць яшчэ!

 

Колькі пошукаў, творчых пакутаў

Зведаў я — іх не зведаў ніхто.

Кожны твор з бездухоўнасці путаў

Да святла вырываўся...

І што?

 

Бездухоўнасць лунае над светам,

Апустошвае душы людзей.

Можа, лепш бы я быў не паэтам,

А адчайна гуляў у хакей.

 

Тут вядомасць табе і пашана,

І увага дзяржавы найперш.

Не! Ўсё ж Богам мне наканавана

Не бяздушная шайба, а верш.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.