epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

І жук, і жаба — Банапарт

У часу — слёзы на шчаках —

Замкнёны круг, як выйсці з круга?

Вунь колькі зброі на руках,

Ніколі не трымаўшых плуга.

 

І гэта ўзброенасць — не жарт,

Не дзеці, што ў вайну гуляюць,

А «Марсы», што ў людзей страляюць,

Жыцця без войнаў не ўяўляюць —

І жук, і жаба — Банапарт.

 

Чуваць гісторыі дакор —

Штогод — крывавыя старонкі.

Пагрозы, войны і тэрор,

Без ліку зброі — перабор,

А мірны дах над светам — тонкі.

 

Мір на паперы — крохкі лёд,

Салодкасць дэкларацый — шоры...

Рыхтуйся, чалавечы род

Пачаць жыццё з нуля, з пячоры.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.