epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Ідэалы і п’едэсталы

Юнацтва —

Богам створаны, удалы,

На дзіва светлы,

непаўторны час.

Юнацтва

Вынаходзіць ідэалы,

Ў душы узносіць іх

на п’едэсталы,

Ў таемны свой,

ружовых мар Парнас.

 

Юнацтву —

І надвор’ем самым шэрым,

Праз хмар заслону

сонца промні шле.

Юнацтва верыць

прывідным хімерам

І ў чалавецтвам

Створанаю эру,

З свядомым чалавецтвам на чале.

 

Парыў юнацтва

мала зразумелы

Тым, хто сваё юнацтва

здаў ў архіў,

Забыўся хто

На час той дзёрзкі, смелы,

Ў чыёй душы —

павеў, а не парыў.

 

О, не дай Бог —

з маленства ў сталасць здуру,

І выкрэсліць юнацтва,

Як утыль.

Хто б кінуўся грудзьмі

На амбразуру?

І хто пераўтвараў бы

ў казу быль?

 

Дзе нашага юнацтва ідэалы?

Няма —

Іх скінуў пасталелы час

На іх бы месца нам,

на п’едэсталы,

Ды завысока ўсё ж

яны для нас.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.