Прыйшоў Ілля
Нарабіў гнілля.
(прымаўка)
Кудлаціцца дзень неласкавы
Клубамі няветлівых хмар.
І дождж абкладны, як аблава,
Гняце, як няздзейсненасць мар.
І зноўку за хмараю хмара,
І гром абудзіўся глухі —
Нібыта Біблейская кара
На нашы зямныя грахі.
І ўсё ж не таму Бог нас мочыць,
Хоць грэшныя ўсе мы і я.
Да нас разам з хмарамі крочыць
Біблейскае свята — Ілля.