epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Ільма

Ці ёсць яно дзе , ці няма,

Сцвяржаць, абвяргаць не бяруся.

Расце ў мяне дрэва ільма —

Ці чуў аб ім хто ў Беларусі?

 

З якой яно тут даўніны?

Гадоў яму, пэўна, за двесце.

Жылі тут калісці паны,

Праз іх, мабыць, гэта прышэсце.

 

Ільма — гэта волат-крэмень,

Яна не саступіць і дубу.

На шчасце, не прыйдзе той дзень,

Які прынясе дрэву згубу.

 

Шмат часу над ім прагуло,

Ды ўсё ж аб жыцці яно дбала —

Вунь, колькі вакол парасло

Нашчадкаў ягоных — не мала.

 

Як дзе, а ў мяне яно ёсць,

Лагойская ў дрэва прапіска.

Адкуль ён, загадкавы госць?

Дзе дрэва радзіма-калыска?


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.