epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Імгненнасць часу

Каб адчуць, як імкліва

маланкавіць час,

Трэба ад мітусні

Разагнуцца,

Трэба могілкі продкаў

наведаць хоць раз,

І удумліва,

Шчыра жахнуцца.

 

Толькі тут, дзе, здаецца,

застыў кожны міг,

Адчуваеш

Шалёнасці часу.

Ён пранёсся над лёсамі,

выкрасліў іх,

Ён імчыць і праз

прывіднасць нашу.

 

Толькі тут летапісец

засмучаных дат,

Жыў... Памёр...

У імгненне гартае.

Ён — уперад ні кроку,

вяртае назад,

Ён — і кат наш,

і памяць святая.

 

Вунь стары пахаваны,

а быў малады,

Малады ж —

Састарэў у магіле.

Ну а колькі дзяцей

паглынулі клады,

Колькі тут

Пакаленняў-імгненняў!

 

Час імчыць —

нам здаецца стаіць

Ці паўзе —

Дзень прайшоў,

будзе новы нязменна.

Хоць з жыцця адыходзім

мы ўсе па чарзе,

Паступова —

І ўсё-ткі — імгненна.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.