epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Імгненне

Маленства — сон,

салодкі ды кароткі,

Расплюшчыў вочы —

ты ўжо не дзіця.

Міргнуў — вакол падлеткі-аднагодкі,

Крок — ты ўжо сталы,

у віры жыцця.

 

Адказаў не знайсці на ўсе пытанні —

Як хутка страціў шмат,

хоць шмат і меў.

Ляцяць гады — сустрэчы і расстанні,

Знікаюць нечакана, неўспадзеў.

 

Па маладосці не спраўляў памінкі,

Бо не заўважыў —

ці ж яна была?

І старасць я не вабіў на «дажынкі»,

Яна сама няпрошана прыйшла.

 

Вось так і мітусяцца нашы дні:

Вадой у ступе,

ветрам у дарозе.

Я й смерць не клікаў —

Божа барані!

Не клікаў... А яна ўжо на парозе.

 

І ўжо з парогу не прагнаць яе,

Не ўступіць гэта чортава насенне...

Вунь зноў дзіця

жыцця гняздзечка ўе,

Зноў сон салодкі, крок...

Жыццё — імгненне.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.