epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Іншае знайшоў

Гадзіны дзве ці тры

Пятляю, як «касы».

Дык дзе ж вашы дары,

Гасцінныя лясы?

 

Бязгрыб’е — не бяда,

Відаць, я не ў пару.

Кабыл вунь чарада,

Ды іх я не бяру.

 

І мухамор не ў лік,

«Куцця» ў яго свая.

А-а, вось і баравік,

Такі ж стары, як я.

 

Грыбоў амаль няма,

Хоць «караул!» крычы.

Лісічка вось, кума,

Табе не уцячы.

 

У лесе й без грыбоў

Даволі розных дзіў.

Я іншае знайшоў —

Падыхаў, пахадзіў.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.