epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Іншы міг

А сонца нам апошні раз

Мігнула і нырнула ў голле.

І дзень задумліва прыгас,

Засумавала наваколле.

 

Мы — гэта я і цэлы рой

Старых і новых успамінаў.

Калісьці тут, такой парой,

Стаяў я са сваёй дзяўчынай.

 

Было нам весела тады,

У міг той дзіўны і вялікі,

Наперадзе жыццё — гады,

Гады, без меры і без ліку.

 

Той «доўгі» міг — мінулы час,

І сэрца іншы міг адчула —

А што, калі апошні раз

Мне сёння сонейка мігнула.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.