epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Iсціна

Шукаў я ісціну,

збіваючыся з ног,

Па ўсёй зямлі

пракладваў пуцявіны.

Ды кажуць людзі:

Ісціна — сам Бог!

І толькі Бог!

І толькі Бог адзіны!

 

А я ж стаптаў падэшваў —

не злічыць,

А мне ж у грудзі

лёс мой навальнічыў,

А мне ж душэўных ран —

не залячыць

Ад тых, хто мне ў спіну

няўдачу зычыў.

 

Ў жыцці хтось лічыць плён,

а хтось — варон,

Хтось сонечна жыве,

а хтосьці — хмарна.

А я?!

Няўжо ўсе намаганні — вон?

Няўжо таптаў зямлю

дарэмна, марна?

 

Няўжо, дзівак,

шукаў зусім не там

Я ісціну —

святую праўду-матку?

Я ж за яе,

за ісціну аддам

Жыццё і ўсё, што маю —

без астатку.

 

Я заплачу і грэшнасцю сваёй,

І святасцю —

ёсць і ўва мне такая.

Мне б толькі на зямлі

спаткацца з ёй —

О, як душа

сустрэчы з ёй чакае!

 

*

Што? Ісціна — сам Бог?

Дык як жа мне

Сустрэцца з ім,

з ім — ісцінаю ісцін?

Разгубленасць мая мяне хіне

Да безнадзейнасці —

няма тут выйсця.

 

На небе Бог,

жывыя ж — на зямлі,

Калі там Бог —

і ісціна на небе.

І хто туды з смяротных —

і калі

Праз лес грахоў

сцяжыну працярэбе?

 

А мудрасць продкаў

слынна раіць нам:

Да розуму чужога не галубся,

На Бога спадзявайся,

але й сам

Не лежабоч,

а кратайся і рупся.

 

*

Тут, на зямлі,

сам усвядоміў я,

Што ісціна ўсё ж ёсць.

Што гэта значыць?

Што ісціна —

у кожнага свая,

І што яе па-свойму

кожны бачыць.

 

Што ў ісціны —

спрадвек бацькоў — слата,

І што спрадвек

не мела роднай хаты.

Яна пры шматбацькоўстве —

сірата,

І сярод нас

шукае вугал пяты.

 

Бывае, што забрэхваюць яе,

Яна ж назаўтра —

з новай сілай кліча,

Яна, як Фенікс,

з попелу ўстае:

— Вось ісціннае ісціны аблічча!

 

*

Што сёння прыпадносяць,

як ману,

Адбеліцца і стане праўдай з часам.

Мы спасцігаем ісціне цану,

Калі з хлуснёй сустрэнемся —

сам-насам.

 

Мы ісціну шукаем

днём з агнём

У шматмільённым тлуме

шматгалосым.

І ўсё ж сярод хлусні

мы праўду жнём,

Бо толькі ў праўды

родзіцца калоссе.

 

*

Хтось любіць ісціну,

а большасць — не,

Яна камусьці

палкі ў колы ставіць.

І ісціна — спрадвеку

не ў цане

У нешматлікіх тых,

хто «балем правіць».

 

І многія змікіцілі даўно:

Нікчэмнасць перад ісцінай —

канае,

Што ісціна —

у воку бервяно,

Яна, як костка ў горле, замінае.

 

Гісторыі няспынны махавік

З гадамі не збаўляе абароты.

Быў «ісцінай» —

Нерон і трон, і штык,

Быў «ісцінай» —

тэрор і хор дурноты.

 

Жыццё б пражыць —

адказны гэты міг,

Асэнсавана, правільна, карысна.

А ісціна —

вышэй улад, інтрыг,

Яна стаіць, як вечнасць —

непахісна.

 

Без ісціны жыццё —

як без вады,

Як без паветра —

у тупік упрэцца.

Мы з часам адыходзім назаўжды,

А ісціна —

не знікне, застанецца.

 

*

Які ж ён, вынік

пошукаў маіх,

Майго неўтаймаванага блукання?

Ёсць ісціна?

Адна?

Ці многа іх?

Які ж адказ на гэтыя пытанні?

 

Ёсць ісціна!

Яна — сам чалавек!

Ён ісціну ўхваляе ці скрыўляе,

Ён беражэ яе

ці чыніць здзек,

Бароніць альбо нішчыць дазваляе.

 

Таму і чалавецтва —

то на ўзлёт,

То непазбежна —

да пакутаў верне,

Бо ісціне —

то запіхаюць рот,

То зноўку

прарастае яе зерне.

 

*

О, ісціну губляўшы, чалавек!

Ачысцься ад няшчырасці!

Прачніся!

Зірні ў мінулы,

у дваццаты век,

На шлях свой азірніся —

І жахніся!

 

Ад догмаў адцурайся,

ад старых,

Калі хлусня

замешвалася крута.

Без ісціны адной —

адной на ўсіх

Чакае зноў хаос,

трагедый смута.

2016


2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.