epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

«Я»

Ту я жыў, тут я рос, тут цудзіў,

«Выкабельваўся» — сорам прызнацца.

Я за сонцам, за плугам хадзіў,

Мне было — усяго чатырнаццаць.

 

Я душу таму часу аддаў,

Я спяліў сябе неаднабока,

Я зачытваўся, недаядаў,

Я насіў сваю годнасць высока.

 

Я й сябе разам з коньмі цугляў,

Я смактаў мудрасць продкаў, як соску.

Падсвядома тады спасцігаў

Кладезь энцыклапедый праз вёску.

 

Я адчайна шукаў сваё «я»,

Як цяля на вяроўцы, прастору.

Вечнай спадчынай будзе мая

Сцежка мараў, што вабіла ўгору.

 

І калыска мая — родны дом.

І бацькі, што заўчасна старэлі,

І «банкет» за бацькоўскім сталом,

Дзе ад сціпласці страўнай быдрэлі.

 

«Я» — мацнела між шчырых людзей,

«Я» — ахоўваў і час спецыфічны,

«Я» — складалася з мноства падзей,

Як абстрактны партрэт мазаічны.

 

Дзе пачатак таго ручая?

Дзе ён кропляй жывой абудзіўся?..

Не, не меў бы правоў я на «я»,

Каб не вёсачка, дзе нарадзіўся.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.