epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Я — беларус

Я паміраць не дужа і баюся,

Баюся моцна толькі аднаго —

Са мной памрэ любоў да Беларусі,

Галоўная любоў жыцця майго.

 

Я Беларусь люблю не пустазвонна

І ў грудзі кулаком сабе не б’ю.

Люблю яе адказна і штодзённа,

Як любяць маці родную сваю.

 

Бывала й так, што галадаць я мусіў

Пакутваў за грахі — не за свае.

Я часам быў нялюб не Беларуссю,

А тымі, хто далёка ад яе.

 

Ёсць шмат спакусаў розных ва ўсім свеце,

Яны нямілы сэрцу і пяру.

Я — беларус крывёй, не па анкеце

І з гэтым заспакоена памру.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.