epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Я — бульбаш

Беларус я, бульбаш,

Без утайкі кажу.

На базар, на кірмаш,

Сваю бульбу вязу.

 

Бульбу танна прадам,

А прыгожай жанцы

За усмешку аддам,

Не сярдуйце, людцы.

 

Не пускайце слязу,

Не сумуйце наўздых.

Я яшчэ прывязу,

Хопіць бульбы на ўсіх.

 

Суайчыннік-бульбаш,

Бульбу ў печы вары

І таўчы яе й смаж,

І для бабкі дзяры.

 

І пячы у агні,

Каб дымілася аж.

І мяне памяні —

Беларус я, бульбаш

 

Назаўсёды я ваш

І карміцель, і друг.

Беларус я, бульбаш,

Я працую за двух.

 

Гаспадар тлустых глеб,

Беларускіх палёў.

Наш другі, смачны хлеб,

Ў свеце славу знайшоў.

 

І вядзерца вага,

І мяшэчык вага,

І да бульбы маёй

Не спадае чарга.

 

Мáю гонар спрадвек,

Што на бульбе узрос,

Што на ёй чалавек

Не прынізіў свой лёс.

 

Дый на бульбе мой стаж —

Шмат працоўных гадоў.

Беларус я, бульбаш,

І няма лепшых слоў.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.