epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Я адзін, a ваc...

Ox, не мёд, скажу вам шчыра,

Долечка мая.

Я адзін, а вас чатыры —

Разгубіўся я.

Нібы краскі, як сунічкі,

Нібы зоркі-чараўнічкі,

Я адзін, а вас чатыры —

Разгубіўся я.

 

Колькі раз рабіў я спробы

Больш не варажыць.

Вы усе мне даспадобы —

Як далей мне жыць?

Ты — святлянка!

Ты — чарнушка!

Ты — з касой!

Ты — з завітушкай!

Вы усе мне даспадобы —

Як далей мне жыць?

 

Я сталею нежанаты —

Так жыццё міне.

Можа б лепей вы, дзяўчаты,

Выбралі мяне?

Я — прыгожы,

Я — харошы!

Поўныя кішэні грошай —

Можа б лепей вы, дзяўчаты,

Выбралі мяне?

 

Для тугі няма прычын,

Сустракай вясну

Нас чатыры, ты адзін —

Выбірай адну.

Я чароўна падміргну.

А я сонейкам зірну!

Я змілую!

Я сцалую!

Выбірай адну.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.