epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Я браў ружжо...

Я браў ружжо і ў лес —

на цэлы дзень,

Я браў ружжо і ў лес —

хоць кожны дзень.

О, як я трапятаў і хваляваўся!

I вось адклаў ружжо — напаляваўся.

 

Ляжыць ружжо —

з’ядае сталь іржа,

Туга — для паляўнічага нажа.

I лес застаўся той жа,

і дзічына,

А нейкі я не той...

У чым прычына?

 

Іду па лесе, падніму глушца,

Лася, лісу сустрэну ці зайца —

Заб’ецца сэрца, страпянецца звыкла,

Хвалюецца... каб гэта ўсё не знікла.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.