epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Я і Ленін

За вокнамі золка

зімоваму дню

І ломіцца вецер —

то ў вокны, то ў сені.

Я лаву падсунуў

бліжэй да агню,

Да грубкі —

і Ленін узлез на калені.

 

Так хораша мне,

што, здаецца, засну —

У грубцы трашчыць

мілагучна паленне.

І Ленін дрымоціць,

завёўшы курну,

Між намі —

ўзаемнае паразуменне...

 

Бабуля Алёна,

суседка праз плот,—

Сама дабрыня —

дай Бог жыць чалавеку!

Адна векавала —

і з ёй шэры кот,

Таксама стары,

паважанага веку.

 

Алёнін быў кот...

ды застаўся адзін,

Бо раптам не стала

яго гаспадыні.

Вось я і забраў яго,

не без прычын,

Бо хто ж ссірацелага

ў горы пакіне.

 

— Чый кот гэта?

— Ленін.

Вось так і пайшло,

Вось так і паехала,

і павялося.

А ўжо языкі —

як трапло-памяло —

І «Ленін» — на гэтым кату прыжылося.

 

І кот фанабэрыцца —

толькі пакліч,

Ён стаў знакамітасцю —

есць сабе й лындзіць...

Спі з мірам й далей,

Уладзімір Ільіч,

Твой цёзка не злыдзень —

і мыш не пакрыўдзіць.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.