epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Я іду да Бога

Я прыйшоў ад Бога

І іду да Бога.

Ля яго парога

Скончыцца дарога.

 

Па жыцці улегцы

Крочыць немагчыма

Штосьці за душою,

Штосьці за плячыма.

 

Пакідаю родны

Свой куток абжыты,

Дзе быў і галодны,

І не раз быў біты.

 

Дзе зусім упасці

Вера не давала

Дзе праменчык шчасця

Хліпаў заняпала.

 

Пакідаю вольны

Свет такі й нявольны,

Дзе хрыбтом мазольным

Працаваў ярмольна.

 

Дзе усё бывала,

І адчай нязменна,

Дзе жыццё ламала

Праз падзей калена.

 

Не без хвалявання

Мо не вельмі ўмела.

Я нясу каханне,

Што мяне сустрэла.

 

Атуліла міла,

Мары акрыліла,

І агнём нябачным

Сэрца апаліла.

 

Падкажы мне, Ойча,

Перад кім схіліцца?

У жыцці я двойчы

Здолеў нарадзіцца.

 

У калгасе змалку

Задарма мазоліў,

Ды падняцца здолеў,

Свет свой разняволіў.

 

Разняволіў лёс я

Марай вершаванай,

Маляваў узнёсла,

Ў творчасць закаханы.

 

Выкрасае промні

Свет духоўны мілы.

І цяпер нішто мне

Не надломіць крылы.

 

Некаму здаецца —

Слова знішчыць можна.

Слова застаецца

Жыць непераможна.

 

Ў слове і адкрыцці,

Ісціны фарватэр.

Ў слове будзе жыці

Незабыўна аўтар.

 

Вось яно, другое,

Светанараджэнне,

Сэрцу дарагое

Ад акоў збаўленне.

 

Завяршаю справы

І іду да Бога.

Тут было цікава,

Там — зусім нічога.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.