epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Я помню...

Я помню твае губы

Цяплом уласных губ.

Ты не шаптала «любы»,

Маўчаў пачуццяў шлюб.

 

Як водзіцца ад роду,

Спакусных вуснаў жар

Прыносіць асалоду

І двух дыханняў жар.

 

Я помню твае грудзі

Цяплом сваіх грудзей.

Адчуў я ў пругкім цудзе

Здзяйсненне ўсіх надзей.

 

Абдымкі цёмнай ночы,

Нібы душы вуаль...

А што казалі вочы?

He бачыў я, на жаль.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.