epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Я прашу прабачэння

Я прашу прабачэння

ў зямлі, у вады, у нябёс

І ва ўсіх, хто пад сонцам адзіным

прытулак знайшоў,—

Я не здолеў уславіць сучаснасць

і кожнага лёс,

Бо не змог адшукаць самых светлых,

узвышаных слоў.

 

Вы трымалі мяне

на далонях пяшоты ўвесь час,

Сенажаці, палі,

задуменныя пушчы, гаі.

Мне б удзячна складаць

бессмяротныя гімны пра вас,

Як вясной, кожны год,

услаўляюць жыццё салаўі.

 

Я з павагай да ўсіх,

на сяброўства мне скардзіцца грэх —

Сілы браў я ад ветру,

таму і стамляўся радзей,

Ад дажджу слёзы ўзняў,

а ад сонейка яснага — смех,

Ад жывёлы ўзняў шчырасць,

якой не бывае ў людзей.

 

Больш я браў, чым аддаў,

і для смутку нямала прычын,

Запазычанасць гэта

мне спальвае сэрца штогод.

Я баюся пайсці,

як няўдзячны, няўважлівы сын,

Я не супраць,

каб вы не заўважылі мой адыход.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.