epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Я тату апранаў

Я тату апранаў апошнi раз,

Хаця раней не апранаў нiколi.

Ён цiха адышоў у iншы час,

У iншы свет пайшоў з жыцця-няволi.

 

Калiсьцi — дужы, спрытны, малады,

Цяпер ляжаў — сухенькi i зжаўцелы...

Калгасы, войны, бедната, гады

Жыццё да кроплi высмакталi з цела.

 

...Ёсць неўмiручасць — можа, й не мана,

Душа на неба, кажуць, адлятае.

Дык дай жа Бог, каб бачыла яна,

Як горка мне, як таты не хапае.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.