epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Я ваўку спачуваю

Туляецца воўк і зімой, і ў спякоту,

Заўсёды галодны, заўжды асцярожны.

Не лёгка пазбегчы смяротнага шроту,

Воўк — кожнаму вораг. Яму — вораг кожны.

 

Нясе воўчы лёс ён, як Боскую кару,

Яго перадасць маладому нашчадку.

Бязлітасна валіць і душыць ахвяру,

У горла клыкі... Заўтра — гэта ж спачатку.

 

А кажуць, што воўк — адзічэлы сабака,

Благім чалавекам прагнаны ад хаты.

І мусіць драпежнічаць ён, небарака,

Быў сябрам надзейным, стаў ворагам клятым.

 

І горка, што лёс мой на воўчы падобны.

— Як выжыць? — зняволіла думка-патрэба.

Жыццёвы, жабрацкі мой шлях валачобны

З дзяцінства туляецца ў пошуках хлеба.

 

А нас жа вучылі: — Не хлебам адзіным!..

А нам абяцалі: — наперадзе святы!..

Я стаў... Я і быў непатрэбны Радзіме,

Як гэны сабака, прагнаны ад хаты.

 

Жыццё, як ні дбай, не бывае паўторным,

Ці ў шчасце жывеш, ці бадзяешся ў горы.

Я стаў маляваць яго колерам чорным,

Няўжо не напішуцца лепшыя творы?

 

Жыццё — павуцінкай павісла на бэльцы,

Імгненне — і дзьмухнуць сляпыя падзеі.

Нябесныя мары, як тонкія шкельцы,

Раструшчылі, сцёрлі гады-ліхадзеі.

 

Адкуль гэта гора? За што пакаранне?

Каб мне аднаму, яшчэ й роднаму краю...

Я выкінуў стрэльбу — прабач, паляванне,

Я — жорсткасць сама. Я — ваўку спачуваю.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.