epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Я вярнуся

Адпяшчоціла лета,

хутка восень міне,

Ды і сам

Назіму я ад’еду.

Засумуе

Бацькоўская хата па мне,

З цішынёй будзе весці

Бяседу.

 

Не сумуй, не сумуй,

Майго сэрца куток,

Майго лёсу выток,

Край адзіны.

Пасля доўгіх дарог

Я ступлю праз парог

Незабыўнай бацькоўскай хаціны.

 

Снег раскіне

За вокнамі бель-чысціню,

Я тугу роднай хаты

Адчую.

Я вярнуся тады,

белы сум разганю,

Адагрэю душу,

Заначую.

 

А пакуль што, бывай,

не сумуй, родны кут,

Бог адмераў нам вёснаў

так мала.

Што б са мной ні было,

я душой буду тут,

Дзе зямля мне

маленства люляла.

 

Хоць гады паўстаюць

паміж намі сцяной,

Нас з табой

разлучыць немагчыма.

Мы з табою — адно,

Я — з табой,

Ты — са мной,

Родны кут мой,

Малая Радзіма.

 

Не сумуй, не сумуй,

Майго сэрца куток,

Майго лёсу выток —

Край адзіны.

Пасля доўгіх дарог

Я ступлю праз парог

Незабыўнай бацькоўскай хаціны.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.