epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Я вярнуўся

Мне не пашанцуе, я вярнуўся,

А вяртанне — дрэнная прыкмета.

Я ў сваё былое акунуўся,

Я сваім мінулым ахінуўся —

Лёс смяротным не даруе гэта.

 

Можна жыць загульна, без аглядкі,

Ды, на жаль, жыццёвы век кароткі.

Перад тым, як легчы «на лапаткі»,

Я імкнуўся не да вас, нашчадкі,

Я душой з мінулым, з вамі, продкі.

 

Пачыналі вы жыцця аповесць,

Я пішу працяг, бо сэрца чуе —

Перарвецца з днём мінулым повязь,

Дзень наступны гэта не даруе.

 

Я хачу зірнуць былому ў вочы —

Я вярнуўся, каб наперад крочыць.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.